Июл 222013
 

Хутка ў школу,

ці Як дапамагчы бацькам падтрымаць

у дзіцяці яго імкненне стаць школьнікам

 

Уласцівая дашкольнікам бесклапотнасць,

пагружанасць у гульню вельмі хутка

зменіцца жыццём, напоўненым мноствам

 патрабаванняў, абавязкаў і абмежаванняў.

У верасні пачнецца самы цікавы і захапляльны

 час для дзяцей. Школа! Дзіця павінна будзе

 сістэматычна і напружана працаваць,

захоўваць рэжым дня, падпарадкоўвацца

розным нормам і правілам школьнага жыцця,

выконваць патрабаванні настаўніка,

займацца на ўроку тым, што вызначана

 школьнай праграмай.

 

Паступленне ў школу – адзін з самых пераломных момантаў у жыцці кожнага дзіцяці без выключэння. Пачатак школьнага навучання кардынальным чынам мяняе ўвесь яго лад жыцця. Многае на гэтым цяжкім, але такім захапляльным шляху залежыць ад бацькоў. Вось некалькі карысных парад для Вас, бацькі:

*   Падтрымайце ў дзіцяці яго імкненне стаць школьнікам. Слухайце ўважліва, задавайце пытанні, каб дзіця адчувала, што вам гэта сапраўды цікава.

*   Адказвайце на кожнае пытанне дзіцяці. Толькі ў гэтым выпадку яго пазнавальная цікавасць ніколі не згасне.

*   Пастарайцеся хоць калі-нікалі глядзець на свет вачыма вашага дзіцяці. Бачыць свет вачыма іншага –аснова ўзаемаразумення. А гэта азначае – лічыцца з індывідуальнасцю дзіцяці, ведаць, што ўсе людзі розныя і маюць права быць такімі.

*   Часцей хваліце, захапляйцеся  вашым дзіцем. На скаргі пра тое, што штосьці не атрымліваецца, адказвайце: “Атрымаецца абавязкова, толькі трэба яшчэ некалькі разоў паспрабаваць”. Самі верце, што ваша дзіця можа ўсё, трэба толькі крышку яму дапамагчы. Хваліце словам, усмешкай, ласкай і пяшчотай, а не адкручвайцеся такога роду заахвочваннямі, як пакупка новай цацкі ці слодычаў.

*   Не будуйце вашы ўзаемаадносіны з дзіцём на забаронах. Пагадзіцеся, што яны не заўсёды разумныя. Заўсёды тлумачце прычыны, абгрунтаванасць вашых патрабаванняў, калі магчыма, прапануйце альтэрнатыўны варыянт. Павага да дзіцяці цяпер – падмурак паважлівых адносін да вас сёння і ў будучыні. Ніколі не карыстайцеся фармулёўкай “калі…, то…”(“Калі прыбярэш свае рэчы, дазволю глядзець тэлевізар” і г.д.), гэта згубна ўплывае на выхаванне асобы – дзіця пачынае прымаць пазіцыю “ты – мне, я – табе”.

*   Абмяркуйце з дзіцем правілы і нормы, з якімі ён сустрэўся ў школе. Растлумачце іх неабходнасць і мэтазгоднасць.

*   Складзіце з першакласнікам распарадак дня, сачыце за яго захаваннем .

*   Калі вас нешта хвалюе ў паводзінах дзіцяці, яго школьных справах, не саромейцеся звяртацца за парадай і кансультацыяй да настаўніка ці школьнага псіхолага.

*   З паступленнем у школу ў жыцці вашага дзіцяці з’явіўся чалавек больш аўтарытэтны, чым вы. Гэта настаўнік. Паважайце думку першакласніка пра свайго педагога.

*   Вучэнне – гэта цяжкая і адказная праца. Паступленне ў школу істотна мяняе жыццё дзіцяці, але не павінне пазбаўляць яго шматлікіх радасцей, гульні.

 

Па матэрыялах газеты “Настаўніцкая газета”, 22 чэрвеня 2013 года